КАВАЛЕ́НТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
тып хімічнай сувязі, якая ажыццяўляецца парай электронаў, агульных для двух атамаў. Абумоўлена наяўнасцю на валентных арбіталях атамаў (групы атамаў) няспараных электронаў.
У залежнасці ад колькасці агульных электронных пар паміж атамамі адрозніваюць простую К.с. (адна электронная пара) і кратную сувязь. К.с. паміж аднолькавымі атамамі (напр., у малекуле вадароду H2, кіслароду O2) з’яўляецца непалярнай, паміж рознымі (напр., у малекуле вады H2O, аміяку NH;) — палярнай. У выпадку непалярнай К.с. электронная шчыльнасць агульнай пары электронаў сіметрычна размеркавана адносна ядраў абодвух атамаў, а ў выпадку палярнай К.с. — зрушана да больш электраадмоўнага атама (гл. Іонная сувязь). Асн. ўласцівасці К.с. — насычанасць (існаванне некат. гранічнай колькасці двухцэнтравых двухэлектронных сувязей, якія ўтварае атам) і накіраванасць у прасторы (вызначае прасторавую будову малекул, іонаў, радыкалаў). Гл. таксама Каардынацыйная сувязь.
Л.М.Скрыпнічэнка.
т. 7, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)